• Сеть «Школьный сад»
  • Обучение
  • Инфо
  • Товары / Услуги
  • Фото / Видео
  • О проекте
  • Як я стаў беларусам. Інтэрв’ю з Аляксеем Галічам.

    Автор публикации: Центр "Экология и здоровье"
    Дата публикации: 30.07.2023
    Регион: Беларусь

    Школьны сад падарыў не толькі новыя магчымасці, але і новыя знаёмствы. Кожны дзень летняй праграмы суправаджаўся танцамі і спевамі, якія праводзіў Аляксей Галіч. Удзельнiкам летнiка, вельмі захацелася пазнаёмiцца з яго глыбокiм ўнутраным светам. Прапануем размову, якую правялі Саша Калягіна, Эмілія Красавіна, Васіль Шкурко і
    Ульяна Брылёва.

    – Танцы – гэта нешта асаблівае: усмешкі, агеньчык у вачах. Вы займаецеся вельмі цікавай справа – народнымі танцамі. Чаму вы выбралі гэты занятак?

    – Адмыслова танцамі я не займаюся. Танцы – апошняя частка комплекснага свята, ці абрада, асабліва для моладзі. Калі ў старажытнасці дарослыя людзі сядзелі і гутарылі, моладзь з дапамогай танца магла заводзіць між сабой новыя знаёмствы, сустрэчы. Танцы – гэта форма камунікацыі. Яны проста заводзяць кантакт. Танцы – частка нашага жыцця, якая заўсёды з намі побач. У праграме нашага лагера, танцы патрэбны для налады кантакту паміж удзельнікамі ў тым лiку.

    – Вы ўяўляеце жыццё без народных танцаў, спеваў і наогул фальклору?

    – Так, уяўляю, і мяне вельмі пужае такое жыццё. Мне не хочацца, каб наступнае пакаленне жыло без фальклору. Я мару, каб у будучынi мы засталіся беларусамі. Мы нясём нешта сваё, і хацелася б, каб гэта традыцыя заставалася на доўгі час.

    – Калі б сучасныя музыканты прапанавалі Вам калабарацыю сваёй музыкi з танцам, якiмi Вы валодаеце, Вы б згадзіліся?

    – Гэта таксама праблема… Спробы злучэння сучаснасці са старажытнасцю пачаліся ў пачатку дваццатага стагоддзя, да рэвалюцыі. Лічылі, што, каб беларусы адчулі сябе еўрапейскім народам, трэба падняць іх вышэй, да сучасных форм (таго часу). Спробы злучэння народнай музыкi з акадэмiчнай пагоршылі яе. Калі мяняць музыку, трэба рабіць гэта акуратна! Трэба мець глыбокія веды, каб спрабаваць злучаць. Я супраць, каб да фальклору ставіліся павярхоўна. Словы са старажытнасці нельга выкарыстоўваць зараз у сучасных песнях, бо Яны – помнікі культуры.

    – Звычайна мы гадуем любоў да культуры і традыцый з дзяцінства. Для кагосьці крыніцай усяго гэтага з’яўляецца бацькоўская хата. А вам хто падарыў гэтыя веды і любоў да роднай мовы?

    – Мая сям’я – рускамоўная. Зацікаўленасць да мовы з’явілася ў час школьных гадоў. На ўроках настаўнікі не прывівалі любоў да вывучэння прадмета, калі толькі зусім на малых узроўнях. У мяне была зацікаўленасць і натхненне, было пытанне, чаму на роднай мове амаль ніхто не гутарыць.

    У час маёй службы ў арміі, былі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей: армяне, азербайджанцы, расіяне. Там мы мелі магчымасць думаць па-іншаму. Паказваць сваю нацыянальнасць, як адзіную і непаўторную. Мы ўспаміналі свае звычаі, сваю асаблівую ролю жыцця, прыказкі і прымаўкі. У той час, прыехаўшы дадому, я пачаў цікавіцца беларускай культурай.

    – З якога ўзросту вы пачалі размаўляць на роднай мове?

    – Мне было 20 гадоў, калі ўпершыню трапіў у беларускую вёску, дзе першы раз пачуў сапраўдную беларускую мову і песні, якім амаль тысячы гадоў. Я зразумеў і ўбачыў “жывы” беларускі народ. Я стаў фанатам. Для мяне песні і танцы, гумар і жанры, сталі  каштоўнасцямі.

    – Які пісьменнік ці музыкант з’яўляецца для вас прыкладам. Якім кнігам вы аддаеце перавагу?

    – Я больш праяўляю цікавасць да навуковай літаратуры. З пісьменнікаў я выбіраю тых, хто падобны на мяне па характару, з гумарам, з ракурсам, якія падаюць жыццё так, як бачу яго я. Напрыклад, Янка Брыль, Рыгор Барадулін. Яны адлюстроўваюць жыццё, яго крытыкуюць і падаюць у незвычайнай форме. Куміраў сярод музыкантаў я не маю.

    – Аляксей Эдуардавiч, дзякуй вам за цiкавую размову. Вельмi прыемна было пазнаёмiцца з вамi блiжэй. Калі ласка, дайце парады сучасным падлеткам. Можа, менавіта нам, удзельнiкам праграмы.

    – Гаджэты спрыяюць развіццю кліпавага мышлення, павярхоўных ведаў. Я хацеў бы, каб вы паглыбляліся ў веды, тэмы, якімі вы цікавiцеся. Не цурайцеся вопыта старэйшых сяброў і настаўнікаў. Звяртайце ўвагу на Беларусь. Звяртайце ўвагу на яе каштоўнасць, бо ў нас захаваліся сапраўдныя духоўныя і каштоўныя багацці!

    Матэрыял падрыхтаваны пад кіраўніцтвам кацярыны Буракевіч.

    Фота: Мядзялец Дзяніс (Лужкоўская сярэдняя школа)